Маркетынгавыя выклікі зводзяцца да праблемы замкнёнага кола: у беларускім кіно не шмат «гучных» імёнаў, атрымліваецца, што парог уваходжання для прагляду дастаткова высокі, таму беларускія фільмы мала глядзяць, а з-за невялікай колькасці праглядаў вельмі складана пераканаць кагосьці ў тым, што беларускае кіно цікавае. З гэтага выцякае і галоўная складанасць — фінансавая.
— З-за таго, што мы паказваем дастаткова нішавы прадукт, сучаснае незалежнае беларускае кіно, мы працуем з невялікай аўдыторыяй. Тыя стрымінгавыя платформы, якія зарабляюць грошы, факусуюцца зусім на іншым кантэнце, — тлумачыць Воля Чайкоўская,
— Сам факт таго, што ў назве ёсць слова «кінатэатр», на жаль, не азначае, што гэта камерцыйны праект.
Аналагі платформы VODBLISK, нацыянальныя анлайн-кінатэатры еўрапейскіх краін не з'яўляюцца прыбытковымі і фінансуюцца за кошт кожнай канкрэтнай дзяржавы, а таксама грантаў Еўразвяза. Таму справа, якую робіць VODBLISK — гэта тое, чым у іншых краінах займаюцца дзяржаўныя інстытуцыі — захоўваюць частку нацыянальнай культуры, спадчыны і ідэнтычнасці, якія выяўляюцца ў кінематографе.
Прагляд аднаго фільма на платформе па-за межамі Беларусі каштуе 5$. Для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, з меркаванняў бяспекі ўсе фільмы даступны бясплатна.
Дырэктарка не хавае, што ў дадзенай сітуацыі манетызаваць праект немагчыма, паколькі гледачы ўнутры Беларусі не плацяць за прагляд фільмаў, за ўвагу і падтрымку дыяспары даводзіцца канкураваць з мноствам ініцыятыў і праектаў, сярод якіх насамрэч усе буйныя гульцы тыпу Netflix, а гранты не бясконцыя. Усе атрыманыя сродкі з продажу квіткоў, а таксама гранты ў выніку ідуць на аплату платформы, куплю правоў на паказ фільмаў і ганарары невялікай камандзе. Надзея застаецца на данаты, таму каманда анлайн-кінатэатра падкрэслівае, што нават 3$ могуць сапраўды падтрымаць праект.