Аляксей Палуян
Аляксей Палуян нарадзіўся ў Беларусі ў 1989 годзе. У 2012 годзе ён пераехаў у Германію і вывучаў рэжысуру кіно і тэлебачання ў Вышэйшай мастацкай школе Каселя. Ён вядомы як рэжысёр кароткаметражных ігравых і крэатыўных дакументальных стужак, якія ўдзельнічалі ў кінафестывалях па ўсім свеце. У 2019 годзе ў Клермон-Феране адбылася прэм’ера яго кароткаметражнай драмы «Возера радасці» сумеснай вытворчасці Германіі, Беларусі і Іспаніі. Фільм атрымаў мноства ўзнагарод на міжнародных кінафестывалях, а пасля стаў намінантам на European Film Awards у 2020-м у катэгорыі кароткаметражных фільмаў і ўвайшоў у лонг-ліст прэміі Оскар у 2021-м як найлепшы кароткаметражны фільм. У 2021 годзе прэм'ера дакументальнага дэбюту Палуяна «Смеласць» (Courage) адбылася на 71-м Берлінскім міжнародным кінафестывалі, а затым фільм удзельнічаў у буйных кінафестывалях, сярод якіх IDFA, Visions du Réel, CPH:DOX, HotDocs, Sheffield Doc/Fest і Кракаўскі МКФ. Ён таксама трапіў у лонг-ліст прэміі Оскар у 2022 годзе. Аляксей — сябра Еўрапейскай кінаакадэміі і выпускнік Berlinale Talents (2022).