Юля Шатун
З ранняга дзяцінства рэжысёрка Юля Шатун жыла ў Мазыры ў Беларусі, у Мазыр яна пераехала з горада Гусева ў Калінінградскай вобласці ў Расеі, дзе нарадзілася. З 18-ці гадоў жыла ў Менску, а цяпер жыве ў польскім горадзе Познань.
Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Вучылася ў Беларускім калегіуме і ў Маскоўскай школе новага кіно.
Дэбютны фільм Юлі Шатун «Заўтра» стаў Найлепшым ігравым фільмам на менскім кінафестывалі «Лістапад» (2017), атрымаў прыз Гільдыі кінакрытыкаў Беларускага саюза кінематаграфістаў, а таксама быў прызнаны Найлепшым дэбютам на міжнародным кінафэсце ў Марселі FIDMarseille (2018).
Другі фільм рэжысёркі — «Межы» — стаў Найлепшым беларускім фільмам у межах міжнароднага кінафэсту «Нефільтраванае кіно» (2021), яго таксама можна было паглядзець на міжнародным кінафестывалі ў Іглаве (2019) і на «Паўночным ззянні» (2020).