Сябраваць з наяўным станам айчыннай культуры здольныя адно безнадзейныя аптымісты, адвечныя самарэкламшчыкі ды непазбежныя прайдзісветы. Бо краіна хварэе. І культурка хварэе сінхронна з ёй.
Базавыя ўмовы эфектыўнай крэатыўнай дзейнасці — уцямная культурніцкая дзяржаўная палітыка, сістэмная падтрымка і шанаванне нацыянальнай свядомасці, развіццё мецэнацтва і канкурэнтнага праектнага фінансавання, адсутнасць палітычнай і эстэтычнай цэнзуры, свабода выказвання і перакананняў, адукацыйная мабільнасць і міжкультурныя калабарацыі, культура экспертнага разбору і змястоўнай аналітыкі — усё гэта не працавала нават у адносна лагодныя часы пачатку нулявых. А ў сённяшняй Беларусі ўвогуле знікла з далягляду.
Бо нават мінімальныя праявы творчай свабоды ўспрымаюцца звар’яцелым рэжымам як палітычная пагроза і дзёрзкі выклік ягонай манаполіі на рэжысуру масавай свядомасці. Замест крытычнасці — дрэсура энтузіязму. Замест творчага пошуку — рытуалы лаяльнасці. Замест шматграннасці — тыражаванне спарахнелай стылістыкі часоў паміраючага брэжневізму. Замест вольнага слова — заўзятае засваенне маскоўскіх прапагандысцкіх метадычак. Замест пашаны культурніцкія эліты атрымалі адміністратыўны ціск, жорсткія прысуды, выцісканне ў эміграцыю. Квіткі ў адзін бок — звычайная справа. Заставацца ў краіне — амаль культурніцкая анамалія.
Для олдскульнай беларускай кінаіндустрыі гэта ўсё азначае канец прыўкраснай эпохі летуценнай безадказнасці. Творчы калапс, ідэйны крызіс, манапольнае дзяржфінансаванне, канчатковае аднаўленне каланіяльнай залежнасці ад расейскіх партнёраў у плане пракату, вытворчасці і адукацыі, сыход вядучых творцаў на еўрапейскія і расейскія пляцоўкі… Ёсць, праўда, яшчэ ціхая незалежнасць экраннага партызанінгу — прыватныя ініцыятывы, патаемныя прагляды, бюджэты «каля нуля», канспіратыўныя здымкі. Але ён на тое і партызанінг, каб заставацца прыхаваным і збольшага нябачным.
Цяжка публічыцца ў паліцэйскай дзяржаве, дзе кіно мае адзінае прызначэнне: раз ці два на год ідэйна падтрымаць замоўцу-рэжым.
Карацей, шэраговым «дарагім мінчанам і гасцям сталіцы» вельмі лёгка давесці, што беларускага кіно няма. Бо ў дасяжным культурніцкім полі айчыннай «стабільнасці» яго сапраўды знайсці амаль немагчыма. Тым больш — зразумець ягоны рэальны патэнцыял.